Перейти к основному содержанию

Майстар-клас: Шкарпэтачкі «Не змерзне зайка»

default image

«Дакранайся цеплынёй»
Шкарпэтачкі «Не змерзне зайка» для неданошаных дзяцей

Патрэбныя матэрыялы ды інструменты:

- Пража: 100% воўна. Пасуе авечая, вярблюджая, альпака (250 м/100 г). На шкарпэткі спатрэбіцца 15 г.
Пража не павінна ліняць (пры мыцці фарба не павінна паўзці).
Катэгарычна ЗАБАРАНЯЕЦЦА выкарыстоўваць махер, ангору ды іншыя гатункі воўны, якія моцна пушацца.
- пруткі панчошныя №3
- іголка трыкатажная ці шыдэлак.

Працэс:

Набіраем 28 петляў. Набор петляў робіцца вельмі свабодна, бо ўскрай мае добра расцягвацца, каб не ціснуў на ножкі малечы (для гэтага набор робіцца на 2-х прутках адначасова).

фото


Потым петлі размяркоўваем на 4 пруткі па 7 петляў на кожны, замыкаем у кола і вяжам гумкай 1х1 (1 вонкавая пятля, 1 вываратная пятля).

фото


Гумку вяжам 18 радкоў, прыкладна 6 см.

фото

Вяжам пятку:

14 петляў пераносім на адзін пруток, далей вяжам простым палатном. Правязваем вонкавай гладдзю (вонкавыя радкі – вонкавыя петлі, вываратныя радкі – вываратныя петлі) – 8 радкоў.

фото

Разварот пяткі:

1 радок: пругавую пятлю зняць, 8 вонкавых, 2 разам вонкавай (разварочваем вязанне).
2, 4, 6, 8 радкі: пругавую пятлю зняць, 4 вываратныя, 2 разам вываратнай (разварочваем вязанне).
3, 5, 7 радкі: пругавую пятлю зняць, 4 вонкавыя, 2 разам вонкавай (разварочваем вязанне).

Далей працягваем вязанне асноўнай часткі шкарпэткі: набіраем два разы па 4 пятлі, якія мы закрывалі пры закругленні пяткі, гэтак жа мы вяртаемся да кругавога вязання на 4-х прутках.

1 радок:

1-ы пруток – пругавую пятлю зняць, 2 вонкавыя.
2-і пруток: 3 вонкавыя, набраць 4 вонкавыя пятлі па бакавой частцы з пругавых петляў.
3 і 4 пруткі: па 7 вонкавых на кожны пруток.

2 радок:

1-ы пруток – набраць 4 вонкавыя па бакавой частцы з пругавых петляў, 3 вонкавыя.
2, 3, 4-ы пруткі – па 7 вонкавых.
Далей правязваем 10 кругавых радкоў вонкавымі петлямі.

фото

Мысок:

1 радок:

1 і 3 пруток – 1 вонкавая, 2 разам вонкавай, 4 вонкавыя.
2 і 4 пруток – 4 вонкавыя, 2 разам вонкавай, 1 вонкавая.

2 радок:

1 і 3 пруткі – 1 вонкавая, 2 разам вонкавай, 3 вонкавыя.
2 і 4 пруткі – 3 вонкавыя, 2 разам вонкавай, 1 вонкавая.

3 радок:

1 і 3 пруткі – 1 вонкавая, 2 разам вонкавай, 2 вонкавыя.
2 і 4 пруткі – 2 вонкавыя,2 разам вонкавай,1 вонкавая.

4 радок:

1, 2, 3, 4 пруткі – 1 вонкавая, 2 разам вонкавай, 1 вонкавая.

5 радок:

1 і 3 пруткі – 1 вонкавая, 2 разам вонкавай.
2 і 4 пруткі – 2 разам вонкавай, 1 вонкавая.

6 радок:

4 разы па 2 разам вонкавай.

7 радок:

Закрыць астатнія 4 пятлі.

Даўжыня ступні атрымалася 7 см. Управіць ніткі з дапамогай трыкатажнай іголкі ці шыдэлка.

Першыя шкарпэтачкі, звязаныя з любоўю і цеплынёй, гатовыя! Дорым іх неданошанаму дзіцяці з зычэннямі найхутчэйшай выпіскі дадому!

Шкарпэткі «Не змерзне зайка» звязаныя ў рамках праекта «Дакранайся цеплынёй», які быў ініцыяваны Рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем бацькоў неданошаных дзяцей «Рана».

«Дакранайся цеплынёй» – кампанія для павышэння дасведчанасці грамадства аб праблеме заўчасных родаў, мэта якой – пошук партнёраў для паляпшэння варункаў догляду і рэабілітацыі неданошаных дзяцей. Мы, бацькі неданошаных дзяцей, якія прайшлі самы цяжкі перыяд свайго жыцця, калі нашыя дзеці змагаліся за сваё жыццё ў рэанімацыі, як ніхто шануем падтрымку неабыякавых людзей, якія падзяляюць з намі нашыя трывогі, думкамі і малымі справамі падтрымліваюць нас і нашых дзяцей.

Калі вы не маеце магчымасці звязаць такія шкарпэткі, але жадаеце дапамагчы – будзем радыя атрымаць у ахвяру матэрыялы для вязання. Акрамя гэтага заўсёды чакаем вас на майстар-класах для стварэння шкарпэтак, якія ладзіць нашае грамадскае аб'яднанне.

Кожны можа дапамагчы!

РГА «Рана»

Падрабязней пра праграму «Дакранайся цеплынёй»