Высокая тэмпература ў неданошаных дзяцей - 20 фактаў

Рус  |  Eng
База знаний Дома Высокая тэмпература ў неданошаных дзяцей - 20 фактаў

Высокая тэмпература ў неданошаных дзяцей - 20 фактаў

1. Высокая тэмпература – не хвароба, а фізіялагічная рэакцыя арганізма.

2. Высокая тэмпература - гэта колькі? Ад 38°С, незалежна ад месца вымярэння.

3. Важна адразу зазначыць, што тэмпература больш за 38°С у дзяцей, якія нарадзіліся неданошанымі, і яшчэ не дасягнулі ўзросту 3 месяцаў – гэта падстава выклікаць «Хуткую Дапамогу», а потым ехаць у шпіталь і паглыблена там даследавацца.

4. Дзе лепш мераць тэмпературу дзецям? Найбольш надзейным спосабам вымярэння тэмпературы ў дзяцей лічыцца рэктальны (у прамой кішцы). Таксама тэмпературу можна мераць на скуры пад пахай (рус. «в подмышке», так званая «аксілярная тэмпература»), на скуры на ілбе, у роце, у вонкавым вушным праходзе бескантактным спосабам.

5. Рэкамендацыі па тым, дзе мераць тэмпературу, у розных краінах розныя. Напрыклад, Амерыканская Акадэмія Педыятрыі ў дзяцей да 3 месяцаў жыцця рэкамендуе выключна рэктальнае вымярэнне тэмпературы. У той жа час брытанскія лекары не рэкамендуюць аральны і рэктальны спосабы вымярэння тэмпературы. Але ўсе салідарныя ў тым, што ртутныя тэрмометры не павінны больш ужывацца з-за патэнцыйнай небяспекі атручвання пры іх пашкоджанні. Шкляныя спіртавыя градуснікі менш шкодныя за ртутныя, але таксама могуць пабіцца і быць крыніцай траўмы.

6. Тэмпература цела ў дзяцей – дынамічны паказчык, яна мяняецца ў залежасці ад месца, спосабу вымярэння, узросту пацыента і часу сутак. Такім чынам, нармальная тэмпература – гэта не асобная лічба, а дыяпазон. Так, нармальнай рэктальнай тэмпературай лічыцца 36,6-38,0°С, акіслярнай 36,5-37,5°С, а ў вушным праходзе – 35,8-38,0°С. Чытайце таксама, што напісана ў інструкцыі для тэрмометра пра лічбы нармальнай тэмпературы.

7. Вышыня ўздыму тэмпературы не заўжды сведчыць пра цяжкасць захворвання.

8. Высокая тэмпература, нават на працягу некалькіх гадзін, не наносіць шкоды фонава здаровым дзецям.

9. Пры высокай тэмпературы важна добра паіць пацыента. У абязводжаных дзяцей тэмпература падымаецца вышэй, трымаецца даўжэй і лечыцца горш.

10. Таксама важна адэкватна дзяцей апранаць. Два слаі вопраткі часта замінаюць належнай аддачы цяпла. 

11. Калі вы задумалі чымсьці абціраць дзіця для зніжэння тэмпературы, то рабіце гэта вадой пакаёвай тэмпературы, а не спіртам ці воцатам (рус. уксус) (усмоктваецца праз скуру). Карысць абціранняў для зніжэння тэмпературы належным чынам не даказана.

12. Прымяненне жарапаніжаючых прэпаратаў у фонава здаровых дзяцей апраўдана пры тэмпературы вышэй за 39°С. Калі ваша дзіця нарадзілася з вагой менш за 1500 г, то 38,5°С. Ва ўсялякім разе, раней за 38,0°С медыкаменты, як правіла, немэтазгодныя. Але ўважліва перачытаем і запомнім п.3.

13. Ёсць толькі 2 прэпараты для зніжэння тэмпературы ў дзяцей – Парацэтамол і Ібупрафен. Аспірын, німесулід ды іншыя дыклафенакі ў дзяцей не выкарыстоўваюцца з-за нашмат большай верагоднасці пабочных эфектаў.

14. Эфект ад прымянення жарапаніжаючага прэпарата ацэньваецца не раней, як праз 40 хвілін пасля прымянення.

15. Камбінаваныя прэпараты парацэтамола з ібупрафенам не рэкамендаваны для дзяцей. У такіх прэпаратах недастатковая доза і аднаго і другога кампанентаў, а таксама няма пераканаўчых дадзеных пра тое, што іх прымяненне мае дадатковыя перавагі перад ужываннем парацэтамола ці ібупрафена асобна.

16. Доза жарапаніжаючых прэпараў вылічваецца зыходзячы з масы цела пацыента, а не ягонага ўзросту. Рэкамендацыі па мл прэпарату для дзяцей рознага ўзросту, якія прыводзяць інструкцыі, часта прымяняльныя толькі для сярэднестатыстычных дзяцей з сярэднестатыстычнай (па ўяўленні вытворцаў медыкамента) вагой.

17. Жарапаніжаючыя прэпараты не прымяняюцца прафілактычна – толькі па факце павышэння тэмпературы і неабходнасці.

18. Не рэкамендуецца будзіць дзіця, каб даць яму жарапаніжаючы прэпарат (гл. п. 7). Яшчэ раз нагадаю пра п.3.

19. Для вымярэння дозы медыкаментаў рэкамендуецца карыстацца адмысловымі меркамі, якія да іх прыкладаюцца, а не лічыць, што сталовая лыжка – гэта 15 мл любога рэчыва.

20. Вакцынацыя – даказаны спосаб прафілактыкі інфекцыйных захворванняў. Неданошаным дзецям яна рэкамендавана нават больш чым даношаным.

Витушка А.М. Кандыдат медыцынскіх навук, урач аддзялення анестэзіялогіі-рэанімацыі з палатамі для нованароджаных дзяцей РНПЦ «Маці і дзіця».