Асаблiвасцi вострых рэспіраторных інфекцый у неданошаных дзяцей

Рус  |  Eng
База знаний Дома Асаблiвасцi вострых рэспіраторных інфекцый у неданошаных дзяцей

Асаблiвасцi вострых рэспіраторных інфекцый у неданошаных дзяцей

resp

1. Вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі (ВРВІ) у палове выпадкаў выклікаюцца рынавірусам (ад грэцкага «rhinos» – нос), які прадстаўлены больш, чым 100 варыянтамі. Нягледзячы на характэрную назву і пераважную лакалізацыю у носе і насаглотцы, у дзяцей, народжаных неданошанымі (асабліва з вагой менш за 1000 г пры нараджэнні),  гэты вірус можа выклікаць паражэнне ніжніх аддзелаў рэспіраторнага тракта (бронхаў і альвеал). Наяўнасць бронхалёгачнай дысплазіі (БЛД) павышае верагоднасць такога развіцця падзей.   

2. Рэшту ўзбуджальнікаў складаюць вірусы з таксама прыгожымі назвамі – каронавірусы, адэнавірусы, вірусы Каксакі А, РС-вірусы, вірусы грыпу, парагрыпу ды інш. Многія з гэтых «крошак» пакідаюць пасля сябе працяглы імунітэт, але гэта не прыводзіць да змяншэння колькасці тых, хто хварэе, бо імунітэт не рэагуе на новы варыянт віруса.

3. Для дзяцей, народжаных неданошанымі, важнае асаблівае значэнне мае РС-вірус. У дзяцей першых гадоў жыцця ён выклікае запаленне самых дробных бронхаў. У выніку іх прасвет звужаецца, што праяўляецца адышкай, свістам пры дыханні і можа прывесці да небяспечнага недахопу кісларода. Асабліва гэта істотна для тых, хто нарадзіўся раней за 29 тыдняў і мае бронхалёгачную дысплазію. Прадухіліць цяжкія наступствы  РС-віруснай інфекцыі ў групах рызыкі можна пры дапамозе хіміяпрафілактыкі (у мышцу ўводзяць гатовыя антыцелы супраць віруса, рыхтуючы такім чынам арганізм да сустрэчы з ім).  

4. Iснуе вялікая колькасць варыянтаў узбуджальнікаў, супраць якiх немагчыма (прынамсі ў бліжэйшы час) стварыць прышчэпку ад ВРВІ. Масавая вакцынацыя даступна толькі ад вірусаў грыпу. Ёсць таксама вакцына ад 2 відаў адэнавіруса, але яна выкарыстоўваецца толькі для некаторых груп вайскоўцаў у ЗША.

5. Перадача віруса адбываецца не толькі паветрава-кропельным  спосабам. У перадачы рынавірусаў больш важным з'яўляецца кантактны шлях, калі чалавек дакранаецца да прадметаў і паверхняў, дзе ёсць вірус, а потым чапае сябе за нос ці трэ вочы, заносячы туды інфекцыю. Менавіта таму трэба вучыць дзяцей правільна чхаць і кашляць (у локаць), бо так вірусы ў меншай ступені трапляюць як у паветра, так і на навакольныя прадметы.

6. Дзеці ва ўзросце да 6 год могуць мець ад 6 да 8 эпізодаў ВРВІ на год.

7. Правіла «Лечаны насмарк праходзіць за тыдзень, а нелечаны – за 7 дзён» – гэта не пра дашкольнікаў. У іх кашаль і насмарк, звязаны з рэспіраторнай віруснай інфекцыяй, спакойна можа быць да 14 сутак.

8. Сезон ВРВІ пачынаецца з верасня і сканчаецца ў красавіку. Улічваючы п.4 і п.5, палову гэтага сезона дзеці могуць мець згаданыя сімптомы. І гэта нармальна.

9. Дзеці, якія хадзілі ў садок, часцей хварэюць на рэспіраторныя вірусныя інфекцыі, чым дзеці, якія ў садку не былі. Але ў пачатковай школе залежнасць адваротная.

10. Найбольш частымі сімптомамі ВРВІ з’яўляюцца закладзенасць носа і выдзяленні з яго (па-ангельску цікава называецца – runny nose – нешта сярэдняе паміж running і raining). Выдзяленні з носа, як правіла, максімальныя на 3 дзень хваробы. Гэта пік прадукцыі рынавіруса. Праз 2 дні ягоная канцэнтрацыя ў носе пацыента вернецца да нормы.

11. Выдзяленні з носа ў дзяцей маюць тэндэнцыю гусцець і афарбоўвацца. Першапачаткова гэта звязана з рэакцыяй імунітэта на вірус – у слізістую абалонку пранікаюць лейкацыты, якія змяняюць прадукцыю слізі і фарбуюць яе. Калі праз тыдзень колькасць каляровых выдзяленняў з носа не змяншаецца і дадаюцца іншыя сімптомы (вяртаецца тэмпература, пачынае балець галава, пагаршаецца агульны стан), то варта паказацца доктару (рызыка бактэрыйных ускладненняў).

12. У дзяцей, народжаных неданошаннымі, цячэнне віруснай інфекцыі можа быць нашмат больш цяжкім - з бранхіяльнай абструкцыяй і дыхальнай недастатковасцю. Больш за палову дзяцей, народжаных неданошаннымі, да 3 гадоў жыцця трапляюць у шпіталь з-за рэспіраторных інфекцый. 

13. Амерыканскія і брытанскія педыятрычныя стандарты гавораць, што самае важнае ў лячэнні ВРВІ – адукацыя бацькоў і выхавацеляў.

  • 1) ВРВІ – інфекцыі, якія праходзяць самі;
  • 2) мэта лячэння – дапамагчы арганізму самастойна даць рады вірусу;
  • 3) для дасягнення мэты трэба адэкватна паіць дзіця, часта прамываць і чысціць нос, і, калі неабходна, зніжаць высокую тэмпературу.

Лячэнне дзяцей, якія нарадзіліся з вагой менш за 1500 г, у першы год жыцця, варта праводзіць адразу пад кантролем доктара.  

14. Сасудазвужальныя кроплі ў нос, антыгістамінныя прэпараты, сіропы ад кашлю не маюць значнай карысці ў дзяцей да 12 год з вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі. У дзяцей, народжаных неданошанымі, ВРВІ могуць быць прычынай павялічэння доз лекаў, якія выкарыстоўваюцца для тэрапіі БЛД, але рашэнне пра павялічэнне дозы прымаецца доктарам.

15. Каб прыбраць вірусы з рук, трэба іх мыць з мылам. Звычайным, не антысэптычным, на працягу не менш за 15 секунд. Паспрабуйце адсачыць, колькі секунд займае ваша звычайнае мыццё рук -- здзіўленне амаль гарантавана. Добрым сродкам з'яўляюцца антысэптычныя гелі і сурвэткі, калі мыла і вада недаступныя.

16. Улічваючы патэнцыйную значную небяспеку, якую нясуць ВРВІ для дзяцей, народжаных глыбоканеданошанымі, варта ў першы год іх жыцця максімальна імкнуцца абараніць малых ад вірусаў. Гэта можна зрабіць праз:

  • абмежаванне наведвання людных месцаў з дзіцём у сезон ВРВІ;
  • абмежаванне канктактаў з людзьмі, якія маюць «свежы (менш за 4 сутак)» насмарк, звязаны з ВРВІ, а таксама іншыя сімптомы інфекцыі. Калі кантакт непазбежны, варта імкнуцца да апранання на такіх дарослых аднаразовых масак, якія кожныя 3 гадзіны трэба мяняць;
  • вакцынацыю ад грыпу (калі не дзіцяці, то навакольных дарослых);
  • хіміяпрафілактыку РС-віруснай інфекцыі;
  • мыццё рук, вільготную прыборку і праветрыванне дома.

17. Калі шукаць дапамогі:

  • немагчыма напаіць дзіця,
  • адзначаюцца значныя змены ў паводзінах – надзвычайная раздражняльнасць, альбо, наадварот -- зніжэнне актыўнасці.
  • назiраюцца цяжкасці з дыханнем у дзіцяці,
  • тэмпература цела трымаецца больш за 380С на працягу больш за 3 сутак, а таксама калі насмарк не прайшоў за 2 тыдні,
  • асобнымі падставамі для звароту з'яўляюцца боль любой лакалізацыі і сімптомы інфекцыі вуха – той жа боль (у тым ліку і пры пацягванні за вуха) ды выдзяленні з яго.

Здароўя дзеткам і бацькам!

Витушка А.М. Кандыдат медыцынскіх навук, урач аддзялення анестэзіялогіі-рэанімацыі з палатамі для нованароджаных дзяцей РНПЦ «Маці і дзіця».