Лістапад для нас - самы цёплы месяц, калі мы, ужо традыцыйна, ладзім рэспубліканскую акцыю "Дзякуй за жыццё!". У рамках акцыі нашыя бацькі са сваімі ўжо пасталелымі неданошанымі дзецьмі сустракаюцца з персаналам устаноў аховы здароўя, дзе выходжваліся іх дзеці, каб яшчэ раз сказаць «дзякуй» за іх цяжкую і адказную працу.
Многія з нас, выпісваючыся праз месяц, два, тры, і нават больш, са стацыянараў са сваімі дзецьмі, жадаюць забыцца пра ўсё тое, што было з намі ў гэты цяжкі перыяд. Больш цяжкія выпрабаванні ў жыцці складана прыдумаць. Страх, боль, нявызначанасць, поўная разгубленасць і неразуменне ні што рабіць, ні як жыць далей, - гэта тыя першыя нашы эмоцыі, з якімі мы праходзілі першыя месяцы жыцця нашых дзяцей. І ўвесь гэты час за жыцці і здароўе нашых дзяцей самааддана біліся дактары і медсёстры першых этапаў выходжвання. Гэта найскладанейшая праца, з вялікай ступенню адказнасці, ад якой залежыць жыццё і лёс не толькі маленькіх пацыентаў, але і іх сем'яў.
І мы дзякуем вам, дарагія нашы лекары і медсёстры, за вашу барацьбу за нашых дзяцей!
Мы разумеем, што ваш шлях не можа быць без памылак, мы ведаем, што кожную страту вы прымаеце як сваю асабістую, і мы вельмі жадаем, каб ваш прафесійны шлях быў як мага больш паспяховым, і каб да любой праблемы знаходзілася рашэнне. Тое рашэнне, якое будзе выратавальным для нашых неданошаных дзяцей!
Мы ад шчырага сэрца дзякуем вам за тое, што нягледзячы ні на якія складанасці, вы застаяцеся ў прафесіі і працягваеце тварыць цуды для многіх з нас!
Дзякуй за жыццё нашых дзяцей!
У рамках акцыі мы падрыхтавалі рамкі з фатаграфіямі нашых дзяцей, якія падраслі, і перадалі іх у аддзяленні выходжвання нашай краіны. Амаль усе нашыя бацькі, якія правялі на другіх этапах выходжвання 2-3 тыдні, кажуць нам, якой вялікай псіхалагічнай падтрымкай былі для іх фатаграфіі дзяцей, якія яны маглі бачыць на сценах сваіх аддзяленняў выходжвання. Яны вывучалі кожную да драбнюткіх падрабязнасцей, асабліва дзяцей з падобнымі тэрмінамі гестацыі і вагой, што і іх дзеці, у надзеі, што пройдзе час, і іх дзеці таксама будуць усміхацца ім і радаваць сваімі дасягненнямі!
Мы дзякуем нашым маці - каардынатарам акцыі ў сваіх гарадах, Вользе Міхалюк за працу з фатаграфіямі, а таксама ўсім тым, хто дапамагаў нам лагістычна і арганізацыйна ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Наваполацку, Гродне, Гомелі, Магілёве і Пінску.
Шукайце ў сацыяльных сетках публікацыі нашых бацькоў з фатаграфіямі з аддзяленняў пад хэштэгам #дзякуйзажыццё, #дзеці_рана, #worldprematurityday

РНПЦ "Маці і дзіця", аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі (з палатамі для нованароджаных дзяцей)

РНПЦ "Маці і дзіця", радзільнае абсервацыйнае аддзяленне

УАЗ «Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр», аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі для нованароджаных

УАЗ "Гродзенская абласная дзіцячая клінічная бальніца", педыятрычнае аддзяленне

УАЗ "Віцебская дзіцячая абласная клінічная бальніца", педыятрычнае аддзяленне неданошаных дзяцей

УАЗ "5-я гарадская клінічная бальніца"

УАЗ "Магілёўская абласная дзіцячая бальніца", педыятрычнае аддзяленне № 5 для нованароджаных дзяцей

УАЗ «Клінічны радзільны дом Мінскай вобласці»

УАЗ «Пінскі міжраённы радзільны дом»

УАЗ "Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца"

УАЗ «Гарадскі клінічны радзільны дом № 2»

УАЗ «6-я гарадская клінічная бальніца»

УАЗ "3-я гарадская дзіцячая клінічная бальніца" (педыятрычнае аддзяленне № 4)

УАЗ "Гомельская абласная клінічная бальніца", педыятрычнае аддзяленне для выходжвання неданошаных дзяцей

УАЗ «Брэсцкая дзіцячай абласная бальніца», аддзяленне неанатальнай інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі

УАЗ "Брэсцкая дзіцячая абласная бальніца", аддзяленне для неданошаных і нованароджаных дзяцей
Удзельнікі акцыі даюць сваю згоду на апублікаванне фатаграфій і фотакалажаў на сайце rano.by, тэматычных старонках у сацыяльных сетках.